Свята роднай мовы

22.02.2022
21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы – свята, якое нагадвае кожнаму з нас, што без роднай мовы немагчыма адчуваць сябе паўнавартасным грамадзянінам, часткай свайго народу. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным для супрацоўнікаў школьных бібліятэк. Гэты дзень заўсёды насычаны шэрагам цікавых і займальных мерапрыемстваў.

У незвачайнае падарожжа «Гадзіна роднай мовы» навучэнцаў 3 класа запрасіла бібліятэкар ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. п. Гарадзея». А незвычайным яно было таму, што дзеці адправіліся ў падарожжа па беларускіх казках. Яны пазнаёміліся як з творчасцю беларускіх пісьменнікаў-казачнікаў, так і з беларускімі народнымі казкамі. На памяць аб сустрэчы вучні атрымалі рознакаляровыя часопісы.

Супрацоўнікі бібліятэк ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Нясвіжа», ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Нясвіжа» і ДУА «Карцэвіцкая сярэдняя школа» правялі для дзяцей квэст-гульні «З любоўю да роднага слова», «Пагуляем у роднае слова» і «Свята роднай мовы». Бібліятэкары зрабілі агляд твораў беларускіх пісьменнікаў для дзяцей, правялі розныя конкурсы і гульні на беларускай мове: навучэнцы пераводзілі словы з рускай мовы на беларускую, разгадвалі загадкі, вучыліся гаварыць скорагаворкі на роднай мове. Напрыканцы гульні рабяты размясцілі на плакаце любімыя словы на роднай мове.

Гадзiна роднай мовы «Чытаем беларускую народную казку                     i малюем iлюстрацыю» з вучнямi 2  класа прайшла ў ДУА «Сноўская сярэдняя школа». Навучэнцы вучыліся ўрокам жыццёвай мудрасці                  ў герояў беларускіх казак, малявалі любімых казачных герояў. Вынікам мерапрыемства стала не толькі выстава малюнкаў, але і жаданне вучняў чытаць казкі на беларускай мове.

Біблятэкар ДУА «Нясвіжская гімназія» сумесна з Зубрыцкай Л.Л., настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, правялі моўны турнір «Загадкі роднай мовы».

«Мова матуліна. Мова мая… » – такімі словамі пачалася інтэлектуальная гульня «Правапіс роднай мовы» ў ДУА «Ліпскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа», у якой прынялі ўдзел вучні 10 і 11 класаў.

Вучні ДУА «Сейлавіцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа» таксама прынялі актыўны ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. Свае віншаванні яны размясцілі ў вялікім пісьме «Пажаданне роднай мове», распрацавалі новы набор паштовак «Паштоўкі па-беларуску», паўдзельнічалі ў інтэлектуальным конкурсе «Мова – люстэрка духоўнасці народа». 

Нам у спадчыну засталася мова продкаў-беларусаў – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Дык давайце будзем берагчы яе, вывучаць і карыстацца ёю. Хай заўсёды гучыць мова роднай зямлі, мова беларускага народа!