Пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры

03.11.2021
З 19 кастрычніка па 2 лістапада 2021 года ў дыстанцыйнай форме праходзіла пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме “Кагнітыўная візуалізацыя вучэбнай інфармацыі (схемы, графікі, табліцы, апорныя канспекты, інтэлект-карты і інш.) як сродак павышэння выніковасці адукацыйнага працэсу па беларускай мове і літаратуры”.

Настаўнікам беларускай мовы і літаратуры было прапанавана пазнаёміцца з тэарэтычным матэрыялам па вызначанай тэме, а таксама выканаць заданні практычнага характару. Педагогі падзяліліся інфармацыяй аб магчымасцях выкарыстання некаторых анлайн-інструментаў для візуалізацыі вучэбнага матэрыялу.

Акрамя таго, настаўнікам быў прапанаваны відэазапіс урока настаўніка беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сноўская сярэдняя школа” Бахурынскай А.В. па тэме “Дзейнік. Спосабы яго выражэння” (8 клас), які неабходна было прааналізаваць.

У рамках практычнай часткі пасяджэння настаўнікі распрацавалі апорную схему па тэме “Дзейнік. Спосабы выражэння дзейніка”, а таксама прапанавалі словы з вядомых паэтычных твораў беларускіх аўтараў для стварэння воблака слоў. Дадзены від практычнай дзейнасці дазволіў настаўнікам праявіць свае творчыя здольнасці, абмяняцца ідэямі па выкарыстанні на вучэбных занятках па беларускай літаратуры сервісу “Воблака слоў” для візуалізацыі вучэбнай інфармацыі.